Рэха вайны на праспекце Пераможцаў

Рэха вайны на праспекце Пераможцаў

Перад уваходам у вышынны будынак па прасп. пераможцаў, 23, у г. Мінску хаваецца цікавы артэфакт-дот часоў нямецкай акупацыі ў форме конусу.

Калі 3 ліпеня 1944 г. савецкія войскі ўвайшлі ў разбураны горад, гэтыя бетонныя збудаванні з амбразурамі рознай формы — у выглядзе конусаў, велізарных кубоў і невялікіх прысадзістых грудкоў — тырчалі на ўсіх галоўных шашы, вуліцах, уздоўж чыгунак.

Зараз дот засыпаны зямлёй да пачатку конусу, амбразуры замураваныя. Ўваходныя дзверы былі падвойнымі, металічнымі. Дот, хутчэй за ўсё, будаваўся нашымі ваеннапалоннымі ў гады акупацыі.

У мінулым побач з ім праходзіла шаша. Ён стаяў на краі яўрэйскага гета, на выгіне дарогі, недалёка ад абрывістага, парослага дрэвамі і хмызняком, берага Свіслачы. Ад дота да ракі вялі два падземных ходу.

У канцы 1980 – х яшчэ не былі заделаны амбразуры, там было два паверхі над зямлёй і ход уніз, але ён засыпаны пяском, і адлегласць паміж пяском і столлю прыкладна 50-60 сантыметраў.